КРОВАЗАМЕ́ННЫЯ ВА́ДКАСЦІ, кровазаменнікі,

фармакалагічныя, лекавыя сродкі, якія прызначаны для папаўнення дэфіцыту крыві ў арганізме. Выкарыстоўваюцца для рэканструкцыі і выканання фізіял. функцый крыві, атрымання самастойнага лекавага эфекту. Падзяляюцца на прыродныя і сінт.; гемадынамічныя (процішокавыя) — на аснове жэлаціны, крухмалу, плазмы і бялкоў крыві, сярэднемалекулярнага дэкстрану; гемарэалагічныя — на аснове крухмалу, нізкамалекулярнага дэкстрану; дэзінтаксікацыйныя — на аснове полівінілпіралідону, полівінілавага спірту; рэгулятары кіслотна-шчолачнага і водна-салявога стану — салявыя растворы, прэпараты на аснове шмататамных спіртоў, прэпараты і растворы глюкозы; вадкасці, якія павышаюць кісларод-транспартную функцыю крыві — прэпараты і растворы гемаглабіну, крыві і эрытрацытаў; поліфункцыянальныя, на аснове сярэднемалекулярнага дэкстрану — неарандэкс і рондферын (распрацаваны і вырабляюцца на Беларусі). Да К.в. адносяць таксама прэпараты для парэнтэральнага харчавання на аснове амінакіслот, прадуктаў гідролізу бялкоў плазмы крыві, растворы глюкозы, тлушчавыя эмульсіі.

У.​Н.​Гапановіч.

т. 8, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)